вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, К.апор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т.л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.